Памяць сэрца: эвалюцыя ўвасаблення ваеннай тэмы пісьменнікамі-ветэранамі і сведкамі Вялікай Айчыннай Вайны ў беларускай аповесці (1980 – 1990-я гг.)
У манаграфіі на падставе комплекснага вывучэння беларускіх аповесцей ХХ ст. з ваеннай тэматыкай вылучаны і канцэптуальна-цэласна ахарактарызаваны корпус тых прадстаўнічых тэкстаў, што былі створаны ў 1980 – 1990-х гг. беларускімі пісьменнікаміветэранамі і відавочцамі Вялікай Айчыннай Вайны з дзвюх генерацый: народжаных у 1910-я гг. і народжаных у 1920 – 1940-я гг. Выяўлена эвалюцыя ідэйна-эстэтычных канцэпцый (павышэнне ўвагі да асэнсавання трагічных бакоў жыцця, экзістэнцыйнага светаразумення, перагляду ролі рэлігіі ў жыцці постсавецкага чалавека) у творах пра вайну канца ХХ ст. А. Адамовіча, А. Асіпенкі, В. Быкава, Н. Гілевіча, В. Казько, І. Навуменкі, Б. Сачанкі, І. Шамякіна; вызначана эвалюцыя жанравай формы аповесці (развіццё форм аўтабіяграфічнага наратыву і псіхалагізму, паэтыкі магічнага рэалізму, антыўтопіі, зварот да дакумента з выкарыстаннем журналісцкіх стратэгій, узнікненне «прозы галасоў») у творах пра вайну канца ХХ ст. А. Адамовіча, В. Быкава, Н. Гілевіча, В. Казько, Б. Сачанкі. Вылучана і ахарактарызавана істотнае пашырэнне праблемнатэматычнага дыяпазону ў аповесцях М. Аўрамчыка, У. Дамашэвіча, А. Карпюка, А. Кулакоўскага, У. Ліпскага, І. Новікава, А. Савіцкага, напісаных у 1980 – 1990-х гг., з адлюстраваннем фашысцкага палону, падпольнай і партызанскай барацьбы, што звязана з агульнай тэндэнцыяй да абнаўлення беларускай ваеннай прозы канца ХХ ст. праз акцэнтавана-фактаграфічны або пераствораны вопыт рэальнага суб’екта. Прызначана для навуковых супрацоўнікаў, спецыялістаў у галіне беларускага літаратуразнаўства, аспірантаў, магістрантаў, студэнтаў, настаўнікаў беларускай літаратуры.