Гiсторыя Сапегаў. Жыццяпiсы, маёнткi, фундацыi
О чём книга
Укладальнiк гэтай кнiгi, Яўстах Сапега, кнiгу пра свой княскi род склаў дыхтоўна. Бiяграфiя самога складальнiка адметная — напачатку вайны ён быў у Войску польскiм, трапiў у палон, пазнаёмiўся з удзельнiцай антыфашысцкага падполля, шлюб узялi ў Парыжы, пасля вайны выехалi ў Афрыку... У Кенii князь Сапега здабываў дыяменты, займаўся свiнагадоўляй, меў паляўнiчую фiрму i збiраў звесткi пра свой род. «Часам пасля дзённага гойсання па саванне за сланамi, зебрамi, iльвамi ды антылопамi, лежачы ў намёце на паходным ложку, пры святле лямпы, як адзiнае чытанне я меў кнiгу пра Сапегаў — часам толькi выдадзеную, XVII стагоддзя». А яшчэ князь заяўляў у iнтэрв’ю, што лiчыць сваёй радзiмай Беларусь: «Мы не з Кароны, мы — з Вялiкага княства Лiтоўскага. Мы — палякi, але мы — беларусы. Леў Сапега ў канцы XVI стагоддзя (ён тады яшчэ быў падканцлерам), аддаючы другое, папраўленае выданне Лiтоўскага статута, у польскiм сейме гаварыў па–беларуску, бо лiчыў, што жыве ў вольнай краiне». У дыхтоўным выданнi — жыццяпiсы 85 вядомых прадстаўнiкоў роду, а таксама iх жонак, гiсторыя ўладанняў Сапегаў. Неверагодныя сюжэты могуць спарадзiць цэлую бiблiятэку прыгоднiцкiх раманаў. Цi праўдзiвая легенда пра выкраданне Мiкалаем Сапегай з касцёла ў Рыме цудадзейнага абраза Багамацi Гвадэлупскай, на падставе чаго Мапасан напiсаў навэлу «Рэлiквiя»? Цi такiм «прасцяком, пазбаўленым славалюбства i фанабэрыi», быў Ян Павел Сапега, як апiсаў яго Генрык Сенкевiч у «Патопе»? А якiя жарсцi, звязаныя з Тэрэзай з Гасеўскiх, у час гасцявання якой у Версалi кароль Людовiк XIV загадаў даць у яе гонар оперу! У Тэрэзы, жонкi лiтоўскага харужага Слушкi, здарыўся бурны раман з вялiкiм гетманам Казiмiрам Янам Сапегам. Калi ж не ўдалося схiлiць каханка да патрэбных палiтычных рашэнняў, Тэрэза развязала супраць яго сапраўдную вайну, пад Берасцем адбылiся сутычкi войскаў. А пасля смерцi Слушкi — выходзiць замуж за таго Сапегу! Кнiга, якая нарэшце прыйшла да беларускага чытача, сапраўдны падарунак тым, хто цiкавiцца гiсторыяй.
Рецензий пока нет
Будьте первым, кто расскажет об этой книге.
Войдите, чтобы оставить комментарий.